Настаўнік: Краўцова В.У.
Настаўнік – соль зямлі.
Сымон Будны
Настаўнік — той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае сваім духоўным вопытам i адначасова валадарыць ix душамі. Можна бясконца пералічваць усе добрыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны Настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным — прыкладам, якім ён павінен быць. Ён ўваходзіць у наша жыццё аднойчы, але назаўжды. На працягу майго жыцця са мной побач знаходзіліся добрыя і чулыя людзі, якія вучылі мяне дабру і справядлівасці, вучылі любіць радзіму і паважаць бацькоў, быць чэснай і міласэрнай, працягвалі руку дапамогі ў цяжкую хвіліну. Гэта мае настаўнікі. Але побач з імі жывуць у маёй душы літаратурныя героі, якія сталі прыкладам у маім жыцці. Аб іх я і хачу расказаць.
Гімнам настаўніку з'яўляецца аповесць В. Быкава «Абеліск», з якой я пазнаёмілася на ўроках літаратуры. Я не магу перадаць сваіх пачуццяў, якія валодалі мной у час прачытання твора. Вось яна – роля прыкладу ў жыцці! Мароз не скардзіўся, як іншыя, на абставіны, a ўплываў на ix. Разам з вучнямі пілаваў дровы — i ў школе зімой заўсёды было цёпла. Даваў прытулак скалечаным жывёлам, якіх падбіралі дзеці, — так у школе з'явіўся жывы куток. Не хапала кніг — у вадзе па пояс перанёс закінутую ў панскім маёнтку бібліятэку i пa ўласнай праграме далучаў дзяцей да сусветных скарбаў. З прыходам немцаў працягваў вучыць дзяцей, добра ўсведамляючы, што калі не ён, то іншыя завалодаюць ix душамі i скарыстаюць так, як ім будзе патрэбна. Мароз застаўся да канца верным свайму галоўнаму настаўніцкаму прынцыпу — быць прыкладам для людзей. Апошнім сваім учынкам, які аднымі ўсведамляецца як подзвіг, а другімі як бессэнсоўная недарэчнасць, Мароз здолеў умацаваць веру ў душах людзей. У апошнія хвіліны сваёго жыцця ён знаходзіцца разам з вучнямі і гіне разам з імі, даючы жыццё аднаму з іх. Вось ён сапраўдны Настаўнік! Вось ён прыклад для нас, маладога пакалення, якое часам вышэй за ўсё ставіць матэрыяльны дабрабыт, трацячы духоўнасць.
Перачытваю старонкі паэмы Я. Коласа “Новая зямля” і зноў сустракаюся з новым вобразам, у якім увасоблены дар педагога. Гэта вобраз дзядзькі Антося. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва аддаўшы свае сілы сям'і брата, яго дзецям, ix выхаванню i клопатам аб дабрабыце. За яго дабрыню i любоў усе ў сям'і плацілі яму таксама любоўю: “… Дык i не дзіва, што любілі, Што на руках яго насілі…” Любоў да ўсяго, што яму дорага i міла, вызначае i стан душы гэтага чалавека, i сутнасць яго таленту. Услаўленню педагагічнага таленту дзядзькі Антося («ён быў настаўнікам, суддзёю...») прысвячаецца многа старонак у паэме. Мы бачым дзядзькуАнтося «як жывога» ў час яго «ўрокаў» i нават у самыя крытычныя для кожнага настаўніка моманты, калі ніякія, здавалася б, сродкі ўздзеяння не спрацоўваюць: «О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога!» Гэтым вобразам пераканальна даводзіцца ісціна, што, каб даць некаму, трэба мець самому, што толькі духоўна багатая асоба здольна ўзбагаціць іншых. Антось зачароўвае непасрэднасцю сваёй натуры i рэдкай для людзей здольнасцю пасмяяцца з самога сябе, што сведчыць пра яго дабрыню, розум i аптымізм.
У наш складаны час вельмі часта здараецца, што чалавеку цяжка разабрацца ў жыццёвых сітуацыях. Патрэбна старацца не блытаць у жыцці добрае і дрэннае, не палохацца праўды і шчырасці, вучыцца быць уважлівым, спагадлівым і чулым да іншых людзей. Прыслухоўвацца да парад бацькоў, сяброў, старэйшых людзей, настаўнікаў. Настаўнік – гэта той чалавек, які можа зрабіць цяжкія рэчы лёгкімі, які любіць і разумее дзяцей, заўсёды можа прыйсці на дапамогу ў цяжкай сітуацыі. Такім настаўнікам была пані Мар’я з аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб”. Яна любіць сваіх вучняў, падтрымлівае іх стараннасць, карае нядбайнасць, верыць у духоўныя мажлівасці беларускіх дзяцей, у тое, што з цягам часу яны змогуць унесці свой уклад у духоўную скарбніцу і чалавецтва. Дзеці таксама любілі сваю «кіраўнічыху», бо яна вылучалася інтэлігентнасцю, дэмакратызмам , шчырым жаданнем навучыць, выхаваць, падтрымаць сваіх выхаванцаў. Урокі пані Мар'і для Даніка і іншых падлеткаў беларусаў сталі ўрокамі жыцця, далучэння да сусветнай літаратуры і культуры. Пані Мар'я адрознівалася ад іншых настаўнікаў. Яна любіла сваіх вучняў, аддавала ім сваё сэрца. Пані Мар'я старалася зразумець сваіх навучэнцаў, давала ім веды, падтрымлівала іх у розных складаных жыццёвых абставінах. Для дзяцей яна была другой матуляй. З такога чалавека хочацца браць прыклад, быць падобнай да яе. Гэта яны запальваюць у нашых сэрцах агеньчык дабрыні, спагады.
Галоўны герой апавядання І. Навуменкі “Настаўнік чарчэння” Апалінарый Феакціставіч стаў любімым настаўнікам сваіх вучняў за адданую любоў лацінскай мове, сваёй радзіме. Ён лічыў абавязкам кожнага берагчы і абараняць яе. А словы на лацінскай мове “Радзіму нашу любім і абараняць яе павінны” сталі асновай жыцця вучня Апалінарыя Феакціставіча Косці Кветка.
Усе гэтыя літаратурныя вобразы настаўнікаў сведчаць аб іх маральнай чысціні, адданасці сваёй справе, любові да дзяцей, да радзімы. Гэта мае любімыя літаратурныя вобразы. Іх праца важная і неабходная і сёння , бо чалавеку , каб выбраць правільную дарогу ў жыцці патрэбны бацькі і настаўнікі.
Настаўнік – соль зямлі. Сымон Будны толькі нагадаў нам пра тое, што было сказана амаль за два тысячагоддзі да яго. Ісус Хрыстос, выпраўляючы сваіх вучняў, гаварыў: “ Вы –соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? …Вы свет свету. Няхайжасвеціць свет ваш людзям, кабяныбачылівашыдобрыя справы і праслаўлялііх”.
подробнее... / свернуть